Паэма ў прозе
Убарцкі край. Родныя мае Глушкавiчы

Малая Радзіма – гэта святыня, якая прыцягвае нас нiбы магнітам. Як бы неразрыўнай матчынай пупавінай ты звязаны з ёю. Такое трапнае слова – Бацькаўшчына.

Ад бацькоўскай хаты прасцяг пачынаецца. Адтуль карані, што трымаюць цябе трывала. На вялікі жаль, няма ўжо маіх бацькоў. Добра яшчэ, что хата абжыта братком маім – Грышам, цётчыным сынам.

Тут усім нам ёсць прытулак па прыезду, усіх хата сагравае вугламі сваімі, бо пажыткі ўсе на месцы: абразы ў куце, на сценах у рамках дробныя фотаздымкі ды партрэты продкаў… Жалезны высокі ложак, пад якім было выратаванне ў час пакарання дубцом ці венікам. Хата родная, ты – сапраўдны летапіс майго дзяцінства.

Тут па-ранейшаму на золку ўсе падымаюцца

Грыша зрання пачынае частаваць прысмакамі, такімі звыклымі, i мабыць — таму самымі смачнымі.

На стол ставіцца адразу шмат страў, у нас так прынята: гасцям усё лепшае, прыхаванае на гэты час.

Тут, у печным дусе ўмлеўшая верашчака з пеўнем ды сухімі баравікамі, пухлыя блінцы на рошчыне, амлет са шкваркамі аж з патэльні выпаўзае, калдуны ў тлушчы купаюцца, пахучая пшонная каша з гарбузамі на дэсерт ды тоненькія блінчыкі з тварагом – наліснікі. Водар - на ўсю хату!

Калі вяртаемся ў Мінск, машына яшчэ доўга поўніцца пахам роднай хаты і ўсю дарогу не дае пераключыць думкі.

“Забыць свае Лельчыцы сіл не шукаю, я іх нашу ў сэрцы і ў сне іх гукаю”

Мая Малая Радзіма – вёска Глушкавічы, што схавалася сярод густых лясоў Убарцкага Палесся.

Глушкавічы не ад слова глуш, а з той нагоды, што ў мясцовых лясах водзіцца шмат глушцоў. З шасці гадоў маці брала мяне па чарніцы, дзе абавязкова сустракаліся гэтыя птушкі.

Яны любяць чарніцамі ласавацца, і, дарэчы, на самай справе трохі глухаватыя. Як залапоча сваімі шырачэзнымі крыламі з-пад ног, затрашчыць па голлі – валішся долу з пераляку. Часта доўга назірала за імі, любавалася; а ён прымайструе галоўку паралельна зямлі ды шморгае, шморгае цэліком вецце чарнічніку. Хітры глушэц! Адным махам гостку ягад заглынае.

Найдаражэйшыя мае Глушкавічы размясціліся на самым поўдні Лельчыцкага раёна. Тут амаль што ўсе жыхары мае сваякі. Хто зусім блізкі, а хто ў пятым калене – аднак таксама родзіч. Пачынаеш размову і прыходзіш да высновы — агульныя карані.

Усё тут сэрцу мілае: прыгажуня Убарць, запаветныя грыбныя і ягадныя мясціны, хвойныя бары і алешнік пры балоце. А дубняк?! Чыстыя, пахучыя дубравы. Нездарма герб Лельчыц акаймоўвае дубовы вянок і ўвысь уздымаецца бусел.

Знакаміты цар-дуб

Ён стаіць недалёка ад Данілевіч. Яго памеры небывалыя: вышыня – 32м, дыяметр – 1,6м, акружнасць – 4,5м. Я ў школе была актыўнай піянеркай, таму ў падарожжа мяне бралi. Уражанні ад убачанага, скажу вам, трывала заселі ў памяці. Дзесяць дзяцей абхапіць ствол не сумелі, толькі калі далучыўся настаўнік, карагодам бегалі вакол. Спецыялісты лясной гаспадаркі сцвярджаюць, што яму больш за 1000 гадоў. Дуб лічыцца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

Як расказвалі відавочцы, фашысты спрабавалі спаліць дрэва: абклалі саломай, налілі бензіну, накідалі дроў. Полымя высока ўзнялося, лісты і голле абгарэлі. А вясной дуб, як мае быць, зазелянеў і даў шмат жалудоў на радасць дзікім кабанам. Святыня зямлі палескай выстаяла ў цяжкі час выпрабаванняў і аднавіла жыццё, як і ўвесь наш шматпакутны беларускі народ.

Пасля трагедыi

Зніклі з карты Беларусі шматлікія вёскі майго краю пасля Чарнобыльскай трагедыі, а Глушкавічы, як ні ў чым не бывала, пашыраюцца і жывуць у дабрабыце. Моладзь застаецца, ім тут ёсць праца і добры заробак. Дзяржава прадастаўляе крэдыты на забудову, і дамы “растуць”, як грыбы пасля дажджу.

Па-ранейшаму тут вуліцы поўняцца звонкімі дзіцячымі галасамі і сем’і амаль усе шматдзетныя. Цяпер гэта аграгарадок і нават прамысловая зона.

Кладоўка падземных багаццяў

Гэта адзінае ў нашай краіне месца, дзе на паверхню зямлі выходзіць крышталічны масіў камня. Прасцей кажучы, гэта край агромнай каменнай пліты даўжынёй у 1000 км, якая залягае да самага Азоўскага мора.

У 1975 годзе тут у строй уступіў адзін з буйнейшых у краіне заводаў па вытворчасці шчэбню. Павялічылася колькасць мясцовых спецыялістаў, якія з радасцю працуюць на сваёй зямлі. Дырэктар завода, Раман Кірылавіч Міхалкоў, адлучаўся з Глушкавіч толькі на службу ў арміі ды на вучобу. Ён не проста кіруе заводам, ён жыве ім.

Карыстаюцца попытам сумесі нашага шчэбня, а таксама кубавідны і бытавы камень. Унікальны камень з Глушкавіч паддаецца шліфоўцы, так што многія станцыі Мінскага метро абліцованы менавіта нашымі гранітнымі пліткамі. Вытворчасць завода расце. З 260 млн куб. метраў разведаных запасаў выкарыстана ўсяго 4 млн куб метраў. Магутная тэхніка заліхвацкі спраўляецца з каменнымі глыбамі. На заводзе працуюць 265 чалавек маіх аднавяскоўцаў.

Як яны паспяваюць? Сама не ведаю

Мае землякі імкнуцца жыць дружна і дапамагаюць адзін аднаму. Вясною бульбу садзяць талакою, восенню такім жа манерам капаюць. Хату ці другую забудову – таксама гуртам. Толькі з гадамі так пранікнёна адчуваюць людзі неад’емную сувязь з продкамі. Еду сюды, бы на крылах нясуся. Дзе яшчэ я такое жаданае пачую: “Ох мо! То ж ты, родненька, прыехала?! Ну то здоровенька была!”.

І паняслося - з хаты ў хату. А не зайдзі да каго, крыўдзяцца па-сапраўднаму.

Гасцінны і працалюбівы палескі народ. Тут здаровае спаборніцтва за чыстыя двары, за ўраджай у полі. А якія кветкі ў палісадніках! Калі толькі паспяваюць жанчыны ўправіцца: у хляве поўна жыўнасці, на градках ўсе віды агародніны, у лесе і на балоце не схаваюцца грыбы ды ягады.

Пагранiчны край

Так, мабыць, лёсам наканавана, што глушкоўцы з даўніх часоў цесна звязаны з суседнімі украінцамі. Самі падумайце: да бліжэйшых беларускіх вёсак 12 і 13 км, а украінскія Будкі 3км на захад, Майдан – 5км на поўдзень, на ўсход — 4 км да Капішч.

Сем’ямі зрасліся, перажаніліся ды парадніліся. Раней зусім умоўная была мяжа паміж краінамі, а з 1998 года пачала працаваць мытня.

Мае землякі кожны год вымушаны мяняць пашпарт, бо няма куды ставіць візавы штамп. Хадзілі да родзічаў і будуць хадзіць, толькі марудней стала з дакументамі.

Ну а з 2016 года ў вёсцы базіруецца пагранічная застава. Яна ахоўвае 50 км мяжы па лесе, балоту і ўздоўж Убарці.

Зразумела, на кожным кроку пагранічніка не паставіш, таму яны сябруюць з мясцовым насельніцтвам. Тут ад малога да старога – усе зоркія пагранічнікі.

Фальклорная сталіца раёна

У маіх землякоў наладжана ўсё для шчаслівага жыцця. Тут сярэдняя школа з сучаснымі сродкамі навучання, дзіцячы садок, стацыянарная бальніца і пры ёй аптэка, 4 магазіны і Дом Культуры.

Шчыра працуюць і весела адпачываюць. Народныя гулянні праходзяць традыцыйна ў рэлігійныя святы і вабяць глушкоўцаў з усёй Беларусі на Малую Радзіму.

На сённяшні дзень у вёсцы 715 двароў і 2 367 жыхароў. А на святую Тройцу тут народу ў 2 разы болей: ля кожнага двара па 3-5 аўто стаяць.

Спачатку “артысты” у нацыянальнай вопратцы, пашытай і вышытай сваімі рукамі, з песнямі, танцамі, жартамі гуляюць па цэнтральнай вуліцы даўжынёй аж у 5км. Гэта як бы сігнал – пара ўсім на свята.

І паняслося гулянне да самага вечара! А далейшы канцэрт у клубе раскрывае таленты маіх аднавяскоўцаў да самай поўначы. Галасістыя, заўзятыя, яны паважаюць палескую культуру і з гонарам перадаюць традыцыі з пакалення ў пакаленне.

Пра сакральныя месцы

Глушкавічы жывуць з 1545 года. Мы так лічым па першых летапісных знаходках. А ці так гэта на самай справе, не ведаем.

Ля клуба збераглі старынны каменны крыж, які ахоўваецца дзяржавай. Глушкоўцы – вернікі душою і сэрцам. Тут спакон веку нараджалі столькі дзяцей, колькі Бог дае. Маіх равеснікаў у семьях было па 8-10, і ўсім хапала хлеба і да хлеба. Цяпер 4-5 дзяцей у радасць бацькам, і ніколі тут не пройдзе мода на вялікую сям’ю.

Ёсць яшчэ адно сакральнае месца ў жыхароў вёскі – гэта Антосеў крыж. Ён і цяпер стаіць ва ўрочышчы Арэшняк на грудку сярод балота.

Па легендзе даўно гэта было. Запрог Антось валы і паехаў праз балота ў лес па дровы. На зваротным шляху яго валы разам з возам трапілі ў багну і пачалі тануць. Антось узняў да неба рукі і ўзмаліўся да Бога дапамагчы. І здарыўся цуд: валы выбраліся і спакойна пацягнулі груз па топкім балоту. Назаўтра ўдзячны Антось зрабіў дубовы крыж і паставіў яго на тым цудадзейным месцы. Потым там з’явіўся каменны крыж, да якога наведваюцца вернікі, упрыгожваюць яго ручнікамі і кветкамі.

Ёсць у маёй вёсцы патаемныя, толькi мае мясціны, дзе я бачу другія фарбы, чую незвычайныя галасы роднай прыроды, дзе па душы разліваецца цяпло ўспамінаў. Такіх зносін мне хапае ненадоўга – і я зноўку збіраюся ў Глушкавічы.

Толькі там гаючыя сустрэчы, толькі там — найлепшыя ў свеце людзі. Як па мне…

Сведкі пра аўтара:

Клаўдзія Канановіч

Месца працы: Азярцоўская СШ

Жыве ў аг. Азярцо (Мiнскi раён).

На жаль, эсэ не магло прайсцi у наступны этап конкурсу "Залатое пяро "Белай Русі", бо аўтару ўжо больш за 31 год. Гэта — разваджаннi сталага чалавека, а мы прапанавалi паспрабаваць свае творчыя сiлы у конкурсе перш за усе моладзi. Тым не меньш, творчая, вельмi паэтычная, прыгожая праца К. Канановiч для намінацыi “Мая непаўторная Малая Радзіма” нам вельмi спадабалася. З задавальненнем публiкуем яе эсэ на старонках партала.

Комментарии
Комментировать
Районные и городские организации
Брестская область Гродненская область Минская область Витебская область Могилевская область Гомельская область Минск
Организации минской области
Организации Витебской области
Организации Могилевской области
Организации Гомельской области
Портал Президента Республики Беларусь
www.president.gov.by
Информационный ресурс для людей, столкнувшихся с проблемой наркомании
https://pomogut.by/
Белорусский республиканский союз молодежи
http://brsm.by/
Национальный правовой портал Республики Беларусь
www.pravo.by
Палата представителей
www.house.gov.by
Министерство информации Республики Беларусь
www.mininform.gov.by
Белорусское телеграфное агенство
www.belta.by