Седые легенды — про веру и не только
Комарово. Озеро Мёртвое

Друзья! В силу разных причин, которые не хотелось бы называть в очередной раз, масштабное проведение конкурса «Край, в котором я живу» переносится на отдаленную перспективу. Видимо, на следующий год.

Сейчас же готовится общий сборник из 10 эссе, который может стать для участников творческого конкурса своеобразной путеводной звездой. На будущее.

Кроме того, на портале остается одноименная рубрика, в которой мы будем публиковать тексты авторов, желающих оригинально рассказать про свои любимые места в Беларуси, не особо раскрученных людей и т.д. Так что жизнь продолжается.

А сейчас вашему вниманию предлагается замечательная творческая работа Юлии Белаковой из Молодечно.

От редакции

Калі ў мяне пытаюцца, дзе я буду праводзіць такі доўгі настаўніцкі адпачынак, я заўсёды адказваю: “У бабулі ў Камарове”.

І кожны, хто чуе такі адказ, не праміне праспяваць радкі ўсім вядомай песні і абавязкова здзівіцца: “Як!? Няўжо тое самае!?” Я ўсміхаюся ў адказ і ківаю галавою: “Канечне, тое!”… Так, тое, ды не тое. Гэта Камарова – маё, асабістае.

Калі вы будзеце ехаць па шашы Полацк–Вільнюс, то прыкладна на 150 кіламетры на мяжы чатырох раёнаў (Мядзельскага, Смаргонскага, Астравецкага і Пастаўскага) вам трапіцца на вочы ўказальнік з надпісам “Камарова”.

І вы не пашкадуеце, калі крыху звернеце ўбок са свайго маршруту. У маім Камарове няма “балтийской волны” і не “качается на дюнах шереметьевский баркас”.

Але гэта не робіць вёску менш цікавай і прыгожай.

Сама вёска Камарова і мясціны вакол яе, як і ўвогуле ўвесь нарачанскі край, авеяны запамінальнымі, непаўторнымі, таямнічымі легендамі і паданнямі.

Таямнічасць мясцінам надае не толькі прыгажосць і самабытнасць гэтага краю, але і наяўнасць побач вялікай колькасці азёр, што ўваходзяць у склад заказніка “Блакітныя азёры”.

Азёр у заказніку больш за дзесяць, але самым прыцягальным, загадкавым і адначасова таямнічым у сваёй змрочнасці з’яўляецца возера Мёртвае. Чым жа яно так прыцягвае падарожнікаў? І чаму яго баяцца мясцовыя жыхары?

Вадаём па знешнім выглядзе нагадвае чорнае люстэрка. Катлавіну яго ўтварае паласа верхавога балота, таму ў ваду не трапляюць мінеральныя рэчывы. На мелкаводдзі няма водных раслін, у возеры не водзіцца рыба. Бераг ля возера ўвесь зыбіць, падысці да вады страшна, адразу ля берага глыбіня – метраў каля дваццаці. З гэтай прычыны яно і атрымала сваю назву.

Гэта з навуковага пункту погляду жывым арганізмам не дае развівацца серавадарод, які спецыялісты выявілі на дне возера. А сярод жыхароў Камарова, як расказвае мая бабуля, ходзіць пра возера вось такая легенда.

Стаяў на месцы возера калісьці даўным-даўно горад з замкавымі вежамі. Жыла ў тым горадзе прыгожая і добрая дзяўчына Васіліна. Пакахаў Васіліну смелы рыцар і збіраўся ажаніцца з ёю.

Ды ворагі напалі на той горад. Усе мужчыны выйшлі на абарону, але не ўстаялі  супраць навалы, многія загінулі. Убачыла Васіліна, як смяротна паранілі чужынцы яе жаніха, паднялася на замкавыя муры і закрычала: «Загінулі абаронцы нашы! Няхай жа не трапіць родны горад у палон да чужынцаў!»

У той жа момант знік горад пад вадою, якая паглынула ўсіх ворагаў. І на тым месцы з’явілася возера. Воіны ператварыліся ў атрутную балотную траву. Калі чалавек параніцца аб яе, атруціцца сам і памрэ.


Старажылы кажуць, што раней на возеры было шмат такой ядавітай травы, але зараз яе становіцца ўсё менш. Відаць, не кранае ніхто спакою падводнага горада, вяртае чараўніца воінаў, якія заўсёды гатовы прыйсці на абарону сваёй Радзімы.

А мясцовы краязнаўца, былы дырэктар Камароўскай школы Іван Пятровіч Драўніцкі, якога, на жаль, не стала некалькі гадоў таму, запісаў ад мясцовай жыхаркі іншую легенду, не менш рамантычную і цікавую. Вось паслухайце.

Вандроўныя марскія воіны са Скандынавіі, вікінгі, па рацэ Страча трапілі ў край Блакітных азёр. Наша Паазер'е ім вельмі спадабалася. Яны тут сталі займацца рыбалоўствам, несці ваенную службу ў мясцовых князёў. Вызначаліся вікінгі асаблівым умельствам весці бой на вадзе, сябе лічылі “марскімі ваўкамі”.

Паводле іх звычаяў астанкі памерлых ці загінуўшых патрэбна было аддаваць не зямлі, а вадзе. Вось і выбралі яны для могільніка невялікае бяссточнае возера на левым беразе Страчы каля старадаўняй дарогі Полацк-Вільня.

Забітых у час баявых сутычак воінаў вікінгі хавалі з ушанаваннем, на дно возера апускалі ў даспехах, астанкі памерлых ад старасці ці хваробы спальвалі, а попел таксама апускалі на дно. Гэты вадаём назвалі возерам Мёртвых.

Ішоў з Полацка ў Вільню манах-пілігрым, які чуў пра незвычайнае возера-могільнік вікінгаў, і вырашыў пацікавіцца ім.

Справа была пад вечар. Багамолец заначаваў на беразе. Не паспеў ён закончыць вячэрнюю малітву, як над вадзяной гладдзю зазвінелі званочкі і з сярэдзіны возера стаў падплываць да берага кораб, напоўнены каштоўнасцямі.

Манах абхапіў яго, паставіў пад сасну і стаў разглядаць, што ў ім знаходзіцца. Вакол нікога. На хвіліну ім авалодала сквапнасць – скарбаў хопіць на ўсё нябеднае жыццё...

І ўжо памкнуўся ўладкоўваць у пляцак.

-- Але гэта не маё. Мной авалодала спакуса...

Дрыжачай рукой ён перахрысціў кораб. У гэты момант узняўся віхор і закруціў верх сасны, і зноў усталявалася цішыня. Потым з вышыні пачуўся мілагучны голас. «Ты, высакародны манах, стрымаў абяцанне. Табе я даю ганаровае даручэнне – вазьмі з кораба залатую пласціну і занясі ў Вільню да абраза Маці Божай Вострабрамскай. Гэта падарунак ад Полацкай зямлі, ад Еўфрасінні...».

Манах выканаў даручэнне. Сасна з закручаным верхам стаяла некалькі соцен год і была цудадзейнай. Да яе прыходзілі самотныя і пакрыўджаныя, дзяліліся сваім горам і атрымлівалі душэўную палёгку…

З гадамі старая сасна рухнула, а на яе месцы вырасла маладая, з такім жа верхам. Яна таксама валодае ўласцівасцю здымаць душэўны цяжар, чым часта карыстаюцца прахожыя і турысты. А возера гэта любіць цішыню, гасіць розныя гукі і паглынае рэха. І я кожнае лета, а калі атрымліваецца, то і ўвосень, хаджу на Мёртвае возера да той сасны.

Прыхілюся да дрэва, абдыму яго, раскажу пра свае праблемы-перажыванні – і так лёгка становіцца на душы. Скруха праходзіць, жыццё набывае новыя яркія фарбы.

Вельмі хочацца верыць у гэтыя рамантычныя гісторыі. Вось і бабуля мая кажа: “Ты, унучачка, галоўнае – вер! Без веры і надзеі чалавек не можа жыць…”

Юлія Белакова, настаўнік гісторыі СШ №8 горада Маладзечна

Комментарии
Комментировать
Вас может заинтересовать
Районные и городские организации
Брестская область Гродненская область Минская область Витебская область Могилевская область Гомельская область Минск
Организации минской области
Организации Витебской области
Организации Могилевской области
Организации Гомельской области
Портал Президента Республики Беларусь
www.president.gov.by
Информационный ресурс для людей, столкнувшихся с проблемой наркомании
pomogut.by
Белорусский республиканский союз молодежи
brsm.by
Национальный правовой портал Республики Беларусь
www.pravo.by
Палата представителей
www.house.gov.by
Министерство информации Республики Беларусь
www.mininform.gov.by
Белорусское телеграфное агенство
www.belta.by