В нашей классической рубрике «Белая Русь» в лицах» мы хотим предложить вам небольшой рассказ о творческой, увлекающейся женщине из города Березино Минской области. Зовут ее Тамара Демешкевич. Автор, Юлия Букель, написала о своей героине на белорусском языке.
Мы решили ничего в юлином тексте не менять. Осталось лишь рекомендовать его к прочтению.
От редакции
Там, дзе яна, заўсёды свята, гучаць чуллівыя, звонкія, знаёмыя з дзяцінства песні, якія ўсе падпяваюць. Яе галоўныя “сябры” – музычныя інструменты (акардэон, баян, гармонік, гітара…), шчырая ўсмешка і бадзёры настрой.
Слухаючы яе моцны, прыгожы, багаты адценнямі голас, якому скараецца любая вышыня, здаецца, што ў гэтай жанчыны на 100 % “песенная” душа. Так, гутарка ідзе пра кіраўніка гуртка аддзялення дзённага знаходжання для людзей з абмежаваннымі магчымасцямі і пажылога ўзросту Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамару Іванаўну Дземяшкевіч.
Тамара Іванаўна — натура энергічная, не можа доўга ўседзець на адным месцы… Пастаянна некуды спяшаецца, прыдумляе штосьці новае, цікавае, незвычайнае са сваімі “вучнямі”.
Дзіўна, але ў дзяцінстве яна нават і не думала, што музыка стане для яе працай. Марыла стаць журналістам, друкавался ў розных перыядычных выданнях. Але пасля 8 класа паступіла ў Мінскае культурнаасветніцкае вучылішча на харавое дырыжыраванне.
«Напэўна, любоў да музыкі, музычных інструментаў перайшла мне ад бацькі, які добра граў на гармоніку», - гаворыць жанчына.
Экзамены ў вучылішча вытрымала, нягледзячы на тое, што не выгаворвала літару “р”. Сказалі толькі, што неабходна папрацаваць з лагапедам. А ў 1982 годзе ўжо была студэнткай Мінскага інстытута культуры (факультэт метадычнай культурнай работы).
Т.І. Дземяшкевіч мясцовая, з вёскі Дулебы, таму пасля вучобы вярнулася на родную Бярэзіншчыну, дзе сёння яе ведаюць многія. Бо працавала і загадчыцай клуба ПМК-182, і музычным кіраўніком у дзіцячым садку №3 г. Беразіно, на спіртзаводзе… Пасля гэтага 6 гадоў яна кожны дзень імчала ў любое надвор’е з Беразіно ў Міхалёўскі сельскі клуб-бібліятэку.
А калі пры тэрытарыяльным цэнтры адкрылі новае аддзяленне, Тамару Іванаўну запрасілі ўзначаліць музычны гурток для пажылых людзей “Нам года не беда”.
У рады грамацкага аб’днання “Белая Русь” Тамара Іванаўна ўвайшла не так даўно – ў 2016 годзе. Адразу адазвалася на гэту прапанову, бо ведала, што яе дзейнасць не застанецца незаўважанай, і яна сябе праявiць як актыўны, дзейны і энергічны чалавек.
Гурток “Нам года не беда” аб'ядноўвае валанцёраў так званага сярэбранага ўзросту. Усе яго члены з задавальненнем падтрымліваюць аб'яднанне «Белая Русь». Яны прымаюць актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, акцыях, выязжаюць з канцэртамі падчас святаў, а таксама да хлебаробаў у час пасяўной і ўборачнай кампаніі.
“Наш дэвіз гучыць так: “Калі гледачы не могуць прыйсці да нас, то мы ідзем да іх, арганізоўваем выязныя святы”, - гаворыць жанчына.
Сама Тамара Іванаўна не застаецца абыякавай і да важных падзей у нашай дзяржаве. Заўсёды прымае актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Таксама з гуртком “Нам года не беда” арганізоўвае канцэрты на выбарчых ўчастках.
“Наш гурток існуе нядаўна, але ўжо ёсць што паказаць, бо ў маіх “вучняў” гараць вочы, у іх ёсць неверагоднае жаданне навучыцца чаму небудзь новаму. Мы і спяваем, і ладзім імпрэзы ў дні імяніннікаў, розныя конкурсы, і нават падарожнічаем. Упэўнена, усім падабаецца, — з усмешкай расказвае Тамара Іванаўна. — Дарэчы, заняткі музыкай, спевамі не толькі падымаюць настрой, але і для здароўя карысныя”.
Пра тое, што Тамара Іванаўна віртуозна валодае голасам і музычным інстументам, ведаю не па чутках, бо бачыла на свяце, прысвечаным Дню маці, як яна скарае слухачоў спевам і акампанаваннем. Тады прысутныя ажыўлена і горача сустракалі яе, разам спявалі знаёмыя песні, апладысменты доўга не сціхалі. І нядзіўна, што за такое шматграннае музычнае жыццё ў Тамары Іванаўны вялікая колькасць узнагарод, грамат, падзячных лістоў рознага ўзроўню.
Аказалася, што ўсе члены сям’і Дземяшкевіч апантаныя музыкай, таленавітыя, а яшчэ любяць рыбалку. З будучым мужам Тамара Іванаўна пазнаёмілася на адным са студэнцкіх вечароў.
Сёння Віктар Францавіч працуе інспектарам у энерганаглядзе, а ў вольны час любіць узяць у рукі гітару. Дачка Таццяна працуе ў Мінску настаўніцай геаграфіі і біялогіі, але ажыццявіла мару маці і ў школьныя гады скончыла музычную школу па класе баяна.
Сын Яўген, як і бацька, па адукацыі інжынер-энергетык, зараз прафесійна займаецца паркурам, спрабуе сябе ў якасці каскадзёра – здымаецца ў фільмах…
Яшчэ Тамара Іванаўна шчаслівая бабуля ўнучкі Ганначкі і ўнука Цімуркі. Магчыма, дзяўчынка і хлапчук таксама будуць “музычнымі”!
“Неяк аднойчы муж, заядлы рыбак, прапанаваў і мне адправіцца з ім на рыбалку. Як кажуць, “новичкам везет”, — распавядае Тамара Іванаўна. — Тады я злавіла сваю першую рыбу, і з таго часу рыбалка – гэта наша агульнае захапленне, “хвароба”, азарт. Гэта ж такі адрэналін, калі бярэш у рукі вуду, ловіш рыбу, здымаеш яе з кручка. Сэрца калоціцца, бо баішся, каб не сарвалася і не ўцякла. Вось так мы і жывём, працуем і адпачываем – адной вялікай дружнай, “культурнай”, музычнай сям’ёй”.
Юлія БУКЕЛЬ.