Як аформіць зямельны ўчастак, прапанаваць свае дапаўненні у існуючае заканадаўства і разабрацца з неплацельшчыкам у жыллёвым кааператыве? За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні кабрынчане прыйшлі на чарговы сумесны прыём, які правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч і дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік.
- Праблемы, з якімі людзі прыходзяць на прыёмы, вельмі розныя – захоўваюць актуальнасць пытанні, звязаныя з жыллём, у тым ліку з атрыманнем месцаў у інтэрнаце і арэндных памяшканняў, часта звяртаюцца з нагоды стану дарог у населеных пунктах, - расказвае Васілій Дземідовіч. – У той самы час значна знізілася колькасць зваротаў, звязаных з працаўладкаваннем, што звязана са зніжэннем напружанасці на рынку працы і з работай пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанню занятасці насельніцтва.
У разглядзе пытанняў грамадзян прынялі ўдзел прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама і прадпрыемстваў Кобрыншчыны. Гэта дазволіла часткова вырашыць некаторыя пытанні непасрэдна пад час прыёма і распрацаваць для наведвальнікаў дэтальныя алгарытмы дзеянняў. Аднак, як падкрэсліў Васілій Мікалаевіч, часам не менш важна проста зразумець чалавека, падтрымаць добрым словам, увайсці ў яго становішча і паглядзець на праблему яго вачамі.
- Такая практыка сумесных прыёмаў дазваляе усебакова прааналізаваць грамадскую думку па тых ці іншых пытаннях, - адзначыў дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік,. На падставе маніторынгу фармуліруюцца прапановы да парламентарыяў – якія, калі ўзнікне такая патрэба, будуць на падставе гэтых фактаў выступаць з заканадаўчымі ініцыятывамі.
Трэба адзначыць, што не ўсе наведвальнікі прыйшлі за вырашэннем толькі ўласных праблем – падчас прыёму знайшлі свой разгляд і больш глабальныя пытанні, у тым ліку звязаныя з прапановамі ўнясення змен і дапаўненняў у заканадаўчыя акты, а таксама з асэнсаваннем гістарычнага мінулага нашай краіны. Па ўсім пытанням былі дадзеныя поўныя і кампетэнтныя адказы.
Дзмітрый БЯЛОЎ
На здымку аўтара:
пытанні грамадзян разглядаюць (злева направа): дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч, намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы Любоў Шугай, начальнік аддзелу архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзмітрый Дземідзюк і дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік; момант прыёму