Аб тым, што іх нованароджаная дачушка Яраслава стала 100-м у гэтым годзе дзіцем, зарэгістраваным у аддзеле ЗАГС Уздзенскага райвыканкама, бацькі Сяргей і Святлана Бэсманы, вядома ж, і не здагадваліся. Як гэта часта бывае, тата прынёс неабходныя дакументы, каб зарэгістраваць дзіця і атрымаць важны дакумент – пасведчанне аб нараджэнні дачкі, а тут навіна – іх Яраслава юбілейная – сотая!
6 лістапада супрацоўнікі ЗАГСа арганізавалі для гэтай сям’і сапраўднае свята, пад прыгожую музыку Сяргей і Святлана з дзецьмі зайшлі ва ўрачысты зал…
Шчырымі словамі іх вітала начальнік аддзела ЗАГС Вольга Махнач:
– На свет з’явіўся новы чалавек і вы, бацькі, для яго галоўная апора ў жыцці і надзея, галоўныя настаўнікі. Невядома, хто з’явіўся на свет: паэт ці мастак, фларыст ці эканаміст, але няхай гэта будзе шчаслівы, таленавіты чалавек, годны грамадзянін нашай Беларусі!
Пакуль мама і тата прымалі віншаванні, побач з імі круціўся іх сынок, трохгадовы Косця.
Калі пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці было ўжо ў руках бацькоў, Сяргея і Святлану павіншавала старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Таццяна Мятліцкая, пажадаўшы здароўя дзяўчынцы, бацькам, а таксама ладу і паразумення ў сям’і.
Дарэчы, цікавае супадзенне: наша маленькая “віноўніца” мерапрыемства, Яраслава нарадзілася 29 кастрычніка, у дзень 100-гадовага юбілею камсамола, і сама стала 100-й.
Пасля ўжо Сяргей і Святлана падзякавалі арганізатарам і гасцям за такую ўвагу. Калі дачка падрасце, абавязкова пачуе ад бацькоў цікавую гісторыю пра незвычайнае супадзенне звязанае з лічбай “100” і нечаканае свята, падоранае добрымі людзьмі.
Расці здаровай, шчырай, мілай, добрай, Яраслава!