Беларускі звычай — гуканне вясны — ўзыходзіць да глыбокай старажытнасці. Ён самы аптымістычны і жыццярадасны, бо сімвалізуе пачатак новага жыцця, абуджэнне прыроды, цеплыню. Клікаць вясну звычайна пачыналі дзяўчаты, выконваючы песні-вяснянкі, якія заканчваюцца гучным выклікам “гу-у-у”. Каб паскорыць прыход не каляндарнай, а сапраўднай прыгажуні-вясны і ўладкоўваецца народнае свята.
У ДУА «Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска» ў межах 6-га школьнага дня, а таксама згодна з планам святкавання года малой Радзімы прайшло эмацыйна насычанае свята «Гуканне вясны», у якім прынялі ўдзел вучні пачатковых класаў, класныя кіраўнікі, выхавацелі груп падоўжанага дня, бацькі, адміністрацыя школы. Мерапрыемства праводзілі ў актавай зале, упрыгожанай кветкамі, шарамі, а ў цэнтры сцэны красавалася выява Вясны ў беларускім народным убранні. Нашы продкі ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі і самаробнымі птушкамі хаты, гаспадарчыя пабудовы, галіны дрэў ў садзе. Дрэвы квітнелі і заклікалі першых вярнуўшыхся з поўдня птушак пасяліцца на іх. Гэта лічылася добрым знакам.
"Такія мерапрыемствы заўсёды аб’ядноўваюць вучняў, іх бацькоў, і нас, настаўнікаў, у вялікую каманду патрыётаў-аднадумцаў. Атмасферу ствараюць не толькі касцюмы, танцы і песні, а перш-наперш павага да народнай культуры, такой багатай і дзівоснай, жаданне раскрыць яе таямніцы, прычасціцца да духоўнай спадчыны", — адзначае класны кіраўнік 3 “А” класа, член грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Таццяна Юр’еўна Калыхан.
Танцы, песні, загадкі, тэатралізаванае развітванне з бялюткай зімой, квэст па знаходжанні лялькі Вясны, майстар-клас па вырабу папяровых птушак — сімвалаў вясны, конкурс на лепшы шпакоўнік – праграма мерапрыемства была змястоўнай і крэатыўнай. Важна, што настаўнікі паведамілі вучням пра гісторыю ўзнікнення такога свята, пра традыцыі нашых продкаў, іх вясновыя клопаты і радасці.
"Натуральнасць і жывасць, энергічнасць і бясконцая рухавасць уласцівы былі святу з першых хвілін. Не абышлося без сучаснага флэшмобу, але не пакінулі па-за ўвагай і вясновы карагод, які нагадваў жвавае сонейка", — дзеліцца ўражаннямі чацвёракласніца Аляксандра Сяргейчык.
Пачатковая школа лёгка справілася з загадкамі і рэбусамі, дала правільныя адказы на пытанні па гісторыі, звязаныя з традыцыйным святам беларусаў.
Спадзяёмся, што зарад бадзёрасці, атрыманы на свяце, стане штуршком да новых адкрыццяў і здзяйсненняў мар, да паглыбленага вывучэння гісторыі і каштоўных традыцый роднага краю, да вясновай цеплыні душы.
Галіна Стральчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”