Паціху набліжаецца да фінішу дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая зазірнула ва ўсе населеныя пункты Беларусі. Не абмінула яна і наш Узденскi раён. Удзельнікамі акцыі сталі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак (а гэта дзеці, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцы сацыяльнага прытулку, дзеці са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзеці-інваліды), якія змаглі не проста акунуцца ў казку, але і паверыць у цуды.
Казачны карагод – вясёлы і шчыры – захапіў у палон дзетвару, якая завітала 28 снежня ў раённы музей на навагодняе прадстаўленне “Зімняя казка”, арганізаванае раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, раённай арганізацыяй нашага грамадскага аб’яднання, райкама БРСМ і раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.
Хлопчыкаў і дзяўчынак віталі Дзед Мароз, Снягурка і Вяжуля, якія пажадалі прысутным у зале моцнага здароўя і здзяйснення ўсіх мараў.
Песні, гульні, забавы, жарты ў аднолькавай ступені захапілі і дзяцей, якія весела смяяліся, і дарослых, якім таксама “дасталося” ад артыстаў, бо даводзілася прымяраць на сябе незвычайныя ролі, але таты і мамы справіліся, што асабліва залікова.
У канцы прадстаўлення маленькія гледачы атрымалі салодкія падарункі.
Адзін з хлопчыкаў (на выгляд гадоў пяці) не ўтрымаўся, калі ўсе сталі развітвацца і накіроўвацца ў гардэроб…Ён рашуча падышоў да Дзеда Мароза і амаль дзесяць хвілін нешта шаптаў таму на вуха. А потым хлопчык па-даросламу сказаў: “А мары здзяйсняюцца. Цяпер я гэта ведаю…”.
Дзед Мароз толькі ўсміхнуўся… Аднак нават сваёй памочніцы, калі тая пацікавілася, аб чым была размова, не раскрыў сакрэту. І гэта правільна: дзеці павінны верыць у лепшае… I неабавязкова — у казку”.
Бiблiятэчны святочны фармат
Шматлікія святочныя мерапрыемствы прайшлі ў многіх установах райцэнтра Узда. Касцюміраваныя ранішнікі ў дзіцячых садках і школах выклікалі шчырае захапленне ў маленькіх і дарослых гледачоў.
Традыцыйнай у раёне стала і навагодняя акцыя “У Новы год – з “Белай Руссю”, праведзеная сёлета сумесна з мясцовай бібліятэкай.
У творчым запасніку бібліятэкараў-наватараў шматлікія ідэі, каб аздобіць адпачынак дзяцей яркімі фарбамі.
Вось і напрыканцы снежня Вольга Колас, Таццяна Іванова, Ганна Аўсеенка, Вікторыя Козіч, Наталля Шчамянок прымерылі на сябе казачныя ролі, накіраваўшыся ў сельскія бібліяэкі – Слабаду, Ліцвяны і Магільна. Чацвёртая сустрэча з чытачамі прайшла на базе дзіцячай бібліятэкі.
“Для дзяцей няма нічога лепшага, калі падарункі і казка крочаць побач. Яны не толькі застаюцца пад уражанне ад убачанага, але і прывучаюцца да культуры, бо кожная казачная роль – гэта свой каларыт і эмоцыі, – адзначыла старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Т. Мятліцкая. – Сумеснымі намаганнямі мы здолелі гэта даказаць, як мне здаецца…”.