22 чэрвеня. Жалобныя мерапрыемствы праходзiлі па ўсёй Беларусі, як вядома.
Ва Ушачах у скверы ля брацкай магілы воінаў і партызан адбыўся мітынг, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Канцэрт-рэквіем ладзілі ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Да ўдзельнікаў мерапрыемстваў звярнуўся старшыня райвыканкама У. Аўдошка. Ён падкрэсліў, што 22 чэрвеня 1941 года стала не толькі датай фатальнай падзеі, але і адлікам доўгіх 1418 дзён і начэй Вялікай Айчыннай вайны. Яе нельга выключыць з памяці тых людзей, хто прайшоў страшнымі дарогамі ліхалецця, яе нельга сцерці з памяці сённяшняга пакалення.
Аб страшных уроках вайны нагадваюць звыш 100 помнікаў, абеліскаў і мемарыяльных дошак, якія знаходзяцца на ўшацкай зямлі. Савецкая армія перамагла фашызм, салдаты, партызаны і падпольшчыкі здабылі Вялікую Перамогу. Сярод іх — тысячы ушачан.
Неверагодна цяжкая доля выпала і працаўнікам тылу, тым, хто выжываў пад страхам смерці ў акупацыі. Вялікая цана заплачана за свабоду і незалежнасць.
Адна Ушаччына за гады вайны страціла трэць насельніцтва — у 1939 годзе на тэрыторыі раёна пражывала пад 60 тысяч чалавек, а па перапісе 1949-га не было і 40 тысяч…
Нашчадкі тых, чые імёны на помніках і абелісках, у неаплатным даўгу перад героямі-вызваліцелямі. Гучыць метраном — хвіліна маўчання ў памяць аб загінуўшых яднае сённяшні дзень з мінулым.
Да падножжа помніка і на надмагільныя пліты ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў. Многія з букетаў неслі дзеці, якія пранікліся трагічным момантам і былі непрывычна маўклівыя і сцішаныя.
Актывісты раённай «Белай Русi» таксама прынялі ўдзел у вышэй названых мерапрыемствах.