Калі вольны час вы разглядаеце як магчымасць за кубкам кавы пазнаёміцца са знакамітымі гістарычнымі дзеячамі з пэўнай доляй мастацкай апрацоўкі або пайсці на пошук скарбаў у кампаніі вясёлых каўбояў ці адчуць сябе героем рамана, то са святам вас, шаноўчыя чытачы! 23 красавіка свет адзначае Міжнародны дзень кнігі, а значыць, кожны аўтар і чытач мае права далучыцца да святкавання, узгадаўшы, напрыклад, любімы напісаны альбо прачытаны твор, які здзівіў, уразіў, натхніў.
У мінскай сталічнай школе № 21 такая падзея ніколі не застаецца па-за ўвагай настаўнікаў і вучняў. Бібліятэка чакае дарагіх гасцей, прапаноўваючы розныя тэматычныя віктарыны ў залежнасці ад узросту вучняў і накірункаў выхаваўчай работы. Канешне, акцыя “Кнізе — другое жыццё” праходзіць на працягу ўсяго навучальнага года, але школьнікам важна і карысна адкрыць для сябе новую кнігу з пастаянных ці часовых выстаў, павіншаваць мастака слова з днём нараджэння, прачытаўшы знакаміты твор аўтара-юбіляра, паўдзельнічаць у квэсце па бібліятэцы, тым больш, што ў нашым выпадку — гэта асобны будынак. Так, сёлета вучні 7 “А” класа пад кіраўніцтвам бібліятэкара, члена "Белай Русi" Яўгеніі Ярмоленка на аснове анкетавання вопытных чытачоў самастойна арганізавалі выставу “Кнігі нашых бабуль”. Вялікую папулярнасць у школе набыў букросінг. Прымеркаваны да свята, адносна новы ў нашай установе адукацыі чэлендж “Чытач дорыць чытачу” (быў распачаты ў Міжнародны дзень дарэння кніг, які, мала хто ведае, адзначаецца 14 лютага) набыў масавы характар.
"Кніга — актуальны і запатрабаваны падарунак сёння, што не траціць каштоўнасці, нягледзячы на безупыннае інфармацыйнае развіццё. Нездарма нашы продкі называлі яе крыніцай мудрасці і сілы", — упэўнена настаўніца рускай мовы і літаратуры, чытач з сур’ёзным стажам Таццяна Сцяпанава.
Актыўна далучыліся вучні, іх бацькі, настаўнікі да чытацкага флэшмобу у сацыяльнай сетцы Iнстаграм, а паэтычныя перапынкі даўно сталі добрай школьнай традыцыяй.
“Вучні ахвотна рэкламуюць любімыя кнігі, дзеляцца цікавымі фактамі, адкрываюць для сябе багаты свет энцыклапедый, слоўнікаў, лінгвістычных рэбусаў. Мы, настаўнікі-філолагі, бачым відавочную карысць ад арганізацыі ў вучэбных кабінетах міні-выстаў да знакавых у літаратуры падзей, класных гадзін, святаў”, — сцвярджае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Сапега.
Як жа змянілася крыніца ведаў, надзейны сродак распаўсюджвання інфармацыі, наш дарадца, а яшчэ сябар? Сёння мы маем доступ як да літаратурных навінак, так і да лепшых шэдэўраў сусветнай класікі. Многія музеі прапануюць сваім наведвальнікам віртуальныя экскурсіі, дзе можна пазнаёміцца з тэхнікай друкавання старадаўніх кніг, з іх аздабленнем, разледзіць выпрабаваныя часам старонкі першакрыніц. Школьныя падручнікі маюць QR-коды для аптымізацыі адукацыйнага працэсу, мастацкая літаратура насычаецца 3D старонкамі, а ў сучасныя гаджэты можна закачаць патрэбны твор і электронную версію падручніка. Кнігі ўдасканальваецца разам з чалавекам.
Класік беларускай літаратуры Янка Брыль аднойчы зазначыў:
“Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову”.
І ў гэтай малітве аўтар знітаваны з чытачом, напісанае дапаўняецца новым сэнсам, натхняе на роздум. Літаратура квітнее шматпланавасцю, жанравым багаццем, стылёвым каларытам, каб дастукацца да сэрца кожнага з нас, каб у цяжкія хвіліны душэўных грымот, апынуцца ў беражлівых руках удзячнага чытача.
Галіна Стральчук,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”