Настаўнік – прафесія ад Бога, усе астатнія – ад настаўніка. Гэтая думка стала лейтматывам святочнай імпрэзы, якая прайшла 3 кастрычніка ў Кобрынскім Палацы культуры.
“Настаўніцкае асяроддзе адрозніваецца актыўнай грамадскай і жыццевай пазіцыяй. Таму не дзіўна, што менавіта настаўнікі заўсёды прымаюць ўдзел у суботніках, акцыях, конкурсах і спаборніцтвах, якія адбываюцца ў раёне, – заўважыў старшыня мясцовай “Белай Русi”, дэпутат Брэсцкага абласнога савета дэпутатаў Раман Мельнік.
Таксама ён уручыў самым актыўным удзельнікам грамадскіх спраў – працоўным калектывам СШ № 1 і №4 – каштоўныя падарункі.
Свае віншаванні адрасавалі настаўнікам Кобрыншчыны прадстаўнікі мясцовай ўлады – старшыня Кобрынскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.
Узнагародамі абласнога і раённага ўзроўняў яны адзначылі педагогаў, якія дабіліся найбольш значных поспехаў.
Начальнік аддзела па адукацыі Кобрынскага райвыканкама Іван Каробка ўручыў творчым педагогам узнагароды…
Са шчырымі словамі падзякі за добрасумленную працу звярнулася да настаўнікаў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Радковіч і адзначыла ганаровымі граматамі ведамаснага камітэта найбольш актыўных прафсаюзных лідараў.
Разам з педагогамі-практыкамі віншаванні атрымалі і тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Многія былыя настаўнікі актыўна наведваюць Універсітэт залатога ўзросту, які ўжо некалькі гадоў існуе ў Кобрыне, сустракаюцца з моладдзю, разам вандруюць, гуляюць у інтэлектуальныя гульні, займаюцца творчымі справамі.
Шчырыя эмоцыі ў адрас педагогаў выказалі дзіцячыя творчыя калектывы. Яны аздобілі свята сучаснымі танцамі, песнямі, вершамі і падарылі прысутным па-сапраўднаму святочны настрой.
Жанна Елiзарава