На Свіслаччыне адбыўся адборачны этап абласнога конкурсу “Галасы гісторыі”.
Гэты краязнаўчы конкурс ужо ў дзясяты раз ладзіцца дзеля таго, каб наша моладзь навучылася захоўваць гістарычную памяць, умела прагназаваць сваю будучыню і будучыню сваёй малой радзімы, а таксама каб вучні ўсведамлялі сябе часткай роднага краю.
Як і ў папярэднія гады, у конкурсе мелi права прымаць удзел вучні 9-11 класаў і навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах краязнаўчага напрамку.
А вось стаць удзельнікамі нават першага, завочнага тура, было няпроста. Канкурсантам трэба было ведаць падзеі і даты, постаці, помнікі культуры і архітэктуры, звязаныя з гісторыяй Гродзеншчыны і Рэспублікі Беларусь. Плюс умець рабіць абагульненні, прыводзіць доказы, выбіраць найбольш цікавыя і значныя факты, а таксама выразна і лагічна выказваць свае думкі.
Усе гэтыя патрабаваннi з поспехам выканалi вучні сярэдняй школы № 2 раённага цэнтра. Дарэчы школа носіць імя Героя Савецкага Саюза, камандзіра 217-й стралковай дывізіі Мікалая Масонава, які загінуў пры вызваленні раённага цэнтра (ён пахаваны на Алеі Герояў).
Цяпер гэта школьная каманда з шасці ўдзельнікаў рыхтуецца да абласного фіналу, які пройдзе ў Гродна 16 сакавіка.
Што ж датычыцца раённага ўзроўню, то (акрамя дыпломаў) прызёры адборачнага этапу атрымалі каштоўныя падарункі ад Свіслацкай раённай "Белай Русi".