Для дапытлівых і цікаўных вучняў школа з’яўляецца не толькі пляцоўкай для атрымання ведаў, развіцця кампетэнцый, сяброўства, а яшчэ выдатнай магчымасцю для абгрунтавання грамадзянскай пазіцыі, праяўлення пачуцця патрыятызму на справе. Праект ШАГ (адзіны дзень інфармавання “Школа актыўнага грамадзяніна”) у сярэдняй школе № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска, як і ва ўсёй краіне, у гэтым навучальным годзе прайшоў у другі раз. Актуальнасць тэмы “Я — будучы выбаршчык” відавочная.
Для большай эфектыўнасці ШАГ прайшла па першай мадэлі, якая прадугледжвае запрашэнне знакамітай, але галоўнае – кампетэнтнай у заяўленай тэме асобы на сустрэчу з вучнямі 8-11 класаў. Запрошаным госцем стала член акруговай выбарчай камісіі Старавіленскай выбарчай акругі № 105, старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі г. Мінска Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Наталля Воранава. Магчыма, даўнія сяброўскія адносіны арганізацыі і нашай школы дазволілі вучням 9-х-10-х класаў без залішняй сарамлівасці задаць мноства хвалюючых пытанняў Наталлі Уладзіміраўне пра будучыя выбары: ад арганізацыйных момантаў да магчымасці рэгістрацыі кандыдатаў, ад умоў галасавання да абавязкаў дэпутатаў.
Мадэратар ШАГ, класны кіраўнік 10 “А” класа Кацярына Лебедзева адзначае актыўнасць вучняў і іх зацікаўленасць тэмай. Магчыма, пасля такой сустрэчы вучні змогуць патлумачыць і дарослым некаторыя аспекты выбарчай сістэмы, абмеркаваць сур’ёзныя моманты, пацікавіцца праграмамі кандыдатаў. Вось невялікая колькасць пытанняў, зададзеных Наталлі Уладзіміраўне:
— Як могуць прагаласаваць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за межамі краіны?
— Хто можа балатавацца ў дэпутаты?
— Ці могуць у выбарах удзельнічаць людзі з псіхічнымі захворваннямі?
— Якую дапамогу аказвае “Белая Русь” у арганізацыі і правядзенні выбараў?
— Колькі зарэгістравана кандыдатаў?
— Ці вызначыліся, за каго будзеце галасаваць? і інш.
Старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі проста і даходліва размаўляла з вучнямі, прыводзіла прыклады, дзялілася вопытам.
Зразумела, што найважнейшую ролю ў грамадзянскім і патрыятычным выхаванні старшакласнікаў у нашай школе адыгрываюць пярвічная арганізацыя “БРСМ”, у якую, акрамя вучняў, уваходзяць і маладыя настаўнікі.
“Упершыню школьнікі сутыкаюцца з выбарамі лідара БРСМ, каб пад яго кіраўніцтвам займацца рэалізацыяй важных мерапрыемстваў: аказанне шэфскай дапамогі ветэранам вайны, сем’ям загінуўшых, састарэлым жыхарам мікрараёна, догляд за помнікамі”, — канстатуе школьны педагог-арганізатар Крысціна Собаль, падкрэсліваючы неабходнасць наладжвання ва ўстановах адукацыі якаснага вучнёўскага самакіравання.
Штогод актывісты школы ўдзельнічаюць ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, Дню абаронца Айчыны, Дню героя-антыфашыста, Дню інтэрнацыяналіста і іншых, выказваючы уласную пазіцыю, шануючы памяць герояў. Наталля Уладзіміраўна заўсёды побач з падрастаючым пакаленнем (акцыі і канцэрты, брыфінгі і адкрытыя мікрафоны), гатовая адказаць на пытанні, дапамагчы парадай, патлумачыць. Так у моладзі фарміруецца давер да “Белай Русі”, цікаўнасць да яе дзейнасці, узнікае жаданне стаць адным з вялікай каманды, каб выказваць абгрунтаваную пазіцыю, быць ідэалагічна падкаванымі ў дарослым жыцці, адчуваць сябе адказным грамадзянінам.
Школьнікаў моцна хвалююць пытанні будучыні, бо менавіта сённяшнія старшакласнікі ў хуткім часе будуць апорай краіны, асноўнай рухаючай сілай і годнымі (ствараем для гэтага неабходныя ўмовы) прафесіяналамі, якія будуць і працай, і песняй славіць шчодрую на таленты беларускую зямлю.
Галіна Стральчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”