“Будуюць буслы буслянку, работа кіпіць ад ранку…”, — такімі радкамі пачалася адкрытая класная гадзіна ў 5-м “А” класе сярэдняй школы №21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска, прысвечаная вясноваму абуджэнню прыроды: срэбразвонным ручаям і яркім пралескам, ласкаваму сонейку і прыляцеўшым на радзіму птушкам. Нездарма гавораць вядучыя імпрэзы пра буслоў (іх часта называюць у нас бацянамі, буськамі), бо яшчэ нашы продкі былі ўпэўнены: шчаслівай будзе тая сям’я, на хаце якой пасяліліся буслы. Пра бусла складаюцца песні, казкі, дзіцячыя забаўлянкі, з сімвалам Беларусі звязана шмат павер’яў. Ад яго імя ўтвораны назвы населеных пунктаў, раслін. Ды і знакамітая караткевічаўская “Зямля пад белымі крыламі” — ушанаванне птушкі.
— Любоў да Радзімы пачынаецца з вывучэння скарбаў багатай беларускай прыроды, са знаёмства з насельнікамі лясоў, лугоў, балот, з тым кутком, да якога ты адчуваеш вялікую прыязнасць і ўдзячнасць, — бярэ слова класны кіраўнік 5 “А” класа, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Сапега. Мы не можам не пагадзіцца са словамі вялікіх класікаў, якіх упэўнена цытуюць вучні, дэманструючы ілюстрацыі і нават плакаты-пейзажы, загадзя падрыхтаваныя дзецьмі і іх бацькамі.
Пачатковая школа разам з класнымі кіраўнікамі і выхавальнікамі груп падоўжанага дня таксама працягнула серыю пазакласных мерапрыемстваў, вітанняў вясны, прысвечаных сур’ёзным святам: Сусветнаму дню водных рэсурсаў (22 сакавіка), Гадзіне Зямлі (30 сакавіка), Дню птушак (1 красавіка). Так, трэцякласнікі з настаўніцай пачатковых класаў Т.Ю. Калыхан падвялі вынікі конкурса малюнкаў “Прывітанне, вясна!” і конкурса “Лепшы домік для пярнатых!”. А ў 2-м “Б” класе з падачы класнага кіраўніка Марыі Міхайлаўны Клімянковай стартаваў конкурс чытальнікаў вершаў на вясновую тэматыку. Дарэчы, паэтычныя перапынкі актуальныя таксама для вучняў 5-7-х класаў і з’яўляюцца традыцыйнымі для нашай школы. У гэты раз канкурсантам для дэкламацыі была прапанавана пейзажная лірыка. Выхаванцы груп падоўжанага дня 2-4 класаў разам з педагогамі Святланай Віктараўнай Далганюк, Вольгай Уладзіміраўнай Маркевіч, Жанай Анатольеўнай Скамарох арганізавалі творчую майстэрню і стварылі сапраўдны 5-D шэдэўр “Зямля пад белымі крыламі”. Самыя маленькія школьнікі – першакласнікі (класны кіраўнік Наталля Мікалаеўна Васілеўская) — распрацавалі жывы буклет парадаў для юных эколагаў “Беражыце прыроду”, а настаўніца 2 “А” Ірына Віктараўна Велічкевіч сумесна з дзецьмі стварыла дрэва вясновых мар.
Старшыня школьнай пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь”, педагог-арганізатар Крысціна Іосіфаўна Собаль правяла для вучняў 2-5 класаў тэматычнае караоке “Песняй вясны лебядзінаю…”. Усе песні вучні выконвалі бадзёра і весела, некаторыя нават пусціліся ў скокі.
Экалагічнае выхаванне ў школе стварае ўмовы для фарміравання новай экалагічнай свядомасці, паколькі наступствы актыўнага і часам нерацыянальнага ўзаемадзеяння людзей з прыродай нясуць пагрозу наваколлю. Любіць прыроду – гэта не толькі захапляцца яе прыгажосцю, але і імкнуцца пабудаваць бездакорныя адносіны з выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, удасканальваць уласнае экалагічнае выхаванне, вучыцца слухаць родную прыроду.
Галіна Мікалаеўна Стральчук,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”