Школьнае жыццё ў лютым віравала знакавымі падзеямі. Месячнік грамадзянска-патрыятычнага і ідэалагічнага выхавання яшчэ раз нагадаў пра агульны боль і адначасова гонар беларусаў: Дзень юнага героя-антыфашыста, Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Маштабнай падзеяй стала, бясспрэчна, народнае веча — VI Усебеларускі Народны Сход, у якім удзельнічаў і прадстаўнік нашай ўстановы адукацыі — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Г.М. Гузоўская.
Педагогі і вучні сталічнай школы № 21, якая носіць імя слаўнага лёгчыка М.Ф. Гастэлы, з асаблівай адказнасцю і пашанай прыймаюць у гасцях дзяржаўных служачых, грамадскіх актывістаў, творцаў. Мы, нераўнадушныя да лёсу Радзімы, віталі тых, хто ўпісвае сваё імя ў багатую гісторыю Беларусі, захінаючы яе ад роспачы і варожых позіркаў.
Эфектыўнае супрацоўніцтва з Цэнтральнай раённай г. Мінска арганізацыяй РГА «Белая Русь» на чале з Н.У. Воранавай робіць запатрабаваным кожнае сумеснае мерапрыемства: пачынаючы ад вясёлых інтэлектуальных падарожжаў (гульня-квэст «Тайны нашай школы», класная гадзіна «Добры молодцы!», акцыя «100 фактаў пра Беларускую Армію» і інш.), прафілактычных акцый, выстаў да сур’ёзных размоў з калектывам па выніках УНС падчас «Адкрытага дыялогу», патрыятычных праектаў і шчырага сяброўства ў імя Беларусі.
З вялікай любоўю чакае школа сустрэчы з выпускнікамі, якія праславілі родную ўстанову далёка за межамі краіны. Падчас адкрытай інфармацыйнай гадзіны «Старонкі Афганскай вайны» вучні 6-10 класаў сустрэліся з воінамі-інтэрнацыяналістамі: ганаровым выпускніком нашай школы, старшынёй Савета Цэнтральнай раённай арганізацыі «Пабрацім» Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Д.Г. Сянько і кіраўніком ваенна-патрыятычнага клуба «Памяць» Р.М. Касцюкевічам. Героі вайны ўзгадвалі даваенны час. Выхаваныя на прыкладах гераізму ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзевятнаццацігадовыя юнакі марылі служыць Радзіме, абараняць яе. Выступоўцы гаварылі і пра баі, у якіх гублялі таварышаў, і пра бясцэнныя лісты, што атрымлівалі з дому, і пра каханне — без яго нікуды. Расказвалі пра сяброўства, пра тое, як ў запісных кніжках пазначалі важныя моманты службы і... як, гледзячы на цёмна-сіняе неба над гарамі, хацелі жыць. Дзмітрый Генадзьевіч выканаў пад гітару тры песні. Боль Афганістана адчуваецца ў кожным гуку, ва ўсмешцы, у мудрым позірку. Асабліва пякуча — на Востраве Слёз, дзе кожны год 15 лютага нашы вучні у знак вечнай памяці і невычэрнага смутку ўскладаюць кветкі да мемарыялу воінам-інтэрнацыяналістам...

Першы сакратар Цэнтральнага раённага камітэта ГА «БРСМ» М.В. Янчанка з вялікім задавальненнем наведала інфармацыйныя гадзіны, далучылася да рэалізацыі праекта ШАГ, падключыла вучняў і працоўную моладзь да гарадскіх акцый. Разам мы прыбіралі снег на мінскіх вуліцах, віншавалі юбіляра, удзельніка ВАВ са 100-годдзем, абмяркоўвалі працоўную занятасць вучняў у летні перыяд. Патрыёт якраз і нараджаецца з гатоўнасці працаваць на карысць радзіме і служыць людзям.
Раённы ўрок мужнасці напярэдадні 23 лютага прайшоў у сярэдняй школе № 37, дзе арганізаваны і плённа працуе Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі вучняў 10-11 класаў. На той момант правілы аказання медыцынскай падрыхтоўкі і зладжаны марш там асвойвалі нашы дзесяцікласнікі. Ваенны камісар Цэнтральнага раёна палкоўнік С.У. Коўш — часты госць ва ўстановах адукацыі. Прафарыентацыйную работу палкоўнік праводзіць не толькі з выпускнікамі, але і з вучнямі пачатковых класаў. Так, нядаўна ён выступаў перад трэцякласнікамі на віртуальным парадзе Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь «Красив в строю — силён в бою!», пасля якога ўсе хлопчыкі выказалі шчырую гатоўнасць служыць у войску.
Вынікі месячніка падведзены. Актывісты ўзнагароджаны падзякамі і прызнаннем. Прыемна, што дзеці разумеюць значнасць святаў, свядома ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, цікавяцца гісторыяй нашай краіны, з павагай ставяцца да тых, хто прыклаў намаганні да яе незалежнасці і працягвае абараняць бацькаўшчыну.
Няхай і далей не губляецца сувязь пакаленняў, няхай гарыць незгасальны агонь нашай памяці, бо ветэранам ёсць чаму нас навучыць, а нам, удзячным дочкам і сынам, унукам і праўнукам, — чаму ў іх павучыцца.
Галіна Гузоўская,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА «Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы»


