У дзень вызвалення вязняў з фашысцкіх канцлагераў
Мы — працяг зямнога дня славутых продкаў

11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў з фашысцкіх канцлагераў. Ускладанне кветак да магіл і месцаў пахавання ахвяр фашызму, памінанне загінуўшых блізкіх людзей, дапамога і павага жывым – гэта доўг і абавязак мірнага пакалення. У сталічнай школе №21 імя М.Ф. Гастэлы, дзе я выкладаю родную мову і літаратуру, вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню моладзі: ад тэматычных інфармацыйных і класных гадзін да сустрэч з жывымі сведкамі вайны, ад школьных акцый і конкурсаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх мерапрыемствах. Сёлета, напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі, у нашай установе адукацыі пры падтрымцы Цэнтральнай раённай арганізацыі г. Мінска РГА “Белая Русь” (старшыня Н.У. Воранава) стартавала агульнашкольная акцыя “Есть в красках Победы оттенки войны…”, якая ўключае конкурсы плакатаў, эсэ, літаратурна-музычную кампазіцыю “И пусть не думают, что мёртвые не слышат, когда о них живые говорят…” і інш. Актыўны ўдзел прымаюць і вучні, і бацькі, і педагогі школы. А нам ёсць што сказаць…

Вясна 1942 года. Нямецкае камандаванне пачынае адпраўленне грамадзян з акупіраваных тэрыторый СССР на прымусовыя работы ў Германію. Па дакументах Нюрнбергскіх працэсаў з савецкай тэрыторыі за гады вайны было вывезена 4 млн. 979 тыс. чалавек мірнага насельніцтва.

Пякучым болем адгукаюцца гэтыя лічбы ў сэрцы кожнага з членаў нашай сям’і. Успаміны вяртаюць у далёкі сакавік 1942 года, які падзяліў жыццё роднага чалавека на “да” і “пасля”.

Няўмольна бяжыць час… На жаль, доўгія косы, ясныя блакітныя вочы, усмешку на твары, пяшчотныя і ласкавыя рукі, якім падуладна была любая работа, я магу сёння бачыць на невялікім чорна-белым фотаздымку. Пажаўцелае фота – напамін аб тым, што ўсё далей і далей той дзень, калі маладая, прыгожая, поўная сіл, энергіі і, канечне, дзявочых мар, вясковая дзяўчына Марыя Дзенісеня з беларускай вёсачкі Заліпенне (сённяшні Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці), апынулася ў руках тых, хто перакрэсліў усе планы, не даў здзейсніцца спадзяванням, разлучыў з бацькоўскай хатай.


У 17 гадоў Марыя стала вязнем. У канцы сакавіка, напярэдадні свайго дня нараджэння, разам з аднагодкамі дзяўчына была прымусова вывезена ў Германію. Дарога была доўгай. Таварныя вагоны, у якіх знаходзіліся юнакі і дзяўчаты, пужалі сырасцю, непрыгоднымі ўмовамі для чалавечага існавання. Моладзь памірала, а дапамагчы не было каму. Бабуля ўспамінала, што ўвесь страх перад нязведаным “новым” жыццём перажывала з блізкімі сяброўкамі – Валяй і Марыяй. Дома засталіся бацька, маці, хворая сястра Стэпа. А брат Аляксей з першага дня вайны, дабавіўшы патрэбныя для прызыўнога ўзросту гады, змагаўся з фашыстамі на перадавой...

У Германіі бабуля трапіла да сельскага баўэра (сёння старшыня сельскага савета) непадалёк ад горада Ростак. Працавалі па гаспадарцы, у полі. Затым была перавезена ў Штутгарт, дзе знаходзіўся авіязавод. Пад прымусам і пастаянным кантролем бабуля вырабляла дэталі для нямецкіх самалётаў. Гэта былі самыя доўгія, жудасныя два з паловай гады ў яе жыцці. Цяжкая, невыносная праца, зневажанне і душэўныя пакуты… А ў снах, такіх кароткіх і перарывістых, яна ішла па роднай вёсцы з букетам сінявокіх васількоў, падораных каханым хлопцам. А яшчэ ў снах не было вайны…


Як змагла ўсё гэта вытрымаць маладая жанчына? Адкуль браліся сілы жыць? Бабуля са слязьмі на вачах узгадвала: “Вельмі хацелася вярнуцца дадому, абняць бацькоў, наладзіць жыццё”. Надзея на выратаванне ніколі не пакідала ні яе, ні тысячы тых юнакоў і дзяўчат, якіх прымусілі працаваць на чужыне, якіх адарвалі ад матуль яшчэ дзецьмі.

У бабулі няма ўзнагарод, аднак кожны з нашай вялікай сям’і разумее, што самая галоўная ўзнагарода – доўгае жыццё нашай бабулі, якое яна пражыла годна, варта, аддаючы сваю любоў дзецям і ўнукам, нічога пры гэтым не патрабуючы ўзамен. Яна засталася ў нашай памяці прыкладам мужнасці, самаахвярнасці, вернасці Радзіме. Дзве сімвалічныя даты, што аб’ядноўваюць нашу сям’ю, – 30 сакавіка – Дзень нараджэння бабулі і 9 Мая – Дзень Перамогі. Побач з намі, няхай сёння ўжо толькі на фотаздымку, усё тая ж лагодная ўсмешка, ласкавы погляд і працавітыя рукі бабулі Мані.

Мая родная, мы, твае сем унукаў і восем праўнукаў, стараемся быць вартымі тваёй памяці! Мы ўдзячны лёсу, што кожны з нас меў магчымасць, адчуць пяшчоту твайго спакутаванага лёсам, але чулага сэрца, прычасціцца тваёй жыццёвай мудрасцю!



Святлана Сапега,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г.Мінска”

Комментарии
Комментировать
Вас может заинтересовать
Районные и городские организации
Брестская область Гродненская область Минская область Витебская область Могилевская область Гомельская область Минск
Организации минской области
Организации Витебской области
Организации Могилевской области
Организации Гомельской области
Портал Президента Республики Беларусь
www.president.gov.by
Информационный ресурс для людей, столкнувшихся с проблемой наркомании
pomogut.by
Белорусский республиканский союз молодежи
brsm.by
Национальный правовой портал Республики Беларусь
www.pravo.by
Палата представителей
www.house.gov.by
Министерство информации Республики Беларусь
www.mininform.gov.by
Белорусское телеграфное агенство
www.belta.by