Гiсторыя адной сям’і, ці як разгледзiць каханне за 7 дзён
Камянецкі раён… Усё пачалося з “вяночкаў”

Сёлета Пётр Філімонавіч і Вольга Іванаўна Панасюкі з Камянюкаў – “брыльянтавыя” юбіляры. Іх сям’і споўнілася 60 (!!!) гадоў. Пазнаёміліся яны “на вяночках” і праз тыдзень пабраліся шлюбам. Сёння нашым юбілярам ужо за 80, але па іх гэтага і не скажаш (зірніце на фота). Можа, сакрэт – у асаблівым пушчанскім паветры, шчырай працы ды ўзаемным каханні? За адказам на гэта пытанне выпраўляемся ў госці…

Разам з начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама Тамарай Падлескай, старшынямі райсавета ветэранаў Валянцінай Маеўскай, Камянюцкага сельвыканкама Сяргеем Багалейша і раённай “Белай Русi” Людмілай Жураўлёвай выпраўляемся ў Камянюкі.

На чысценькім двары сустракаем Пятра Філімонавіча (ён якраз заканчвае з гаспадарчымі клопатамі). Дзядуля вядзе нас у хату, якую ў свой час будаваў разам з жонкай (“Вось яно – наша сямейнае гняздо”, – з цеплынёй у голасе гаворыць ён). А там ужо завіхаюцца Вольга Іванаўна і дачка Панасюкоў Раіса – рыхтуюцца сустракаць гасцей. Іх апошнімі днямі ў гэтым доме было ўдосталь. Ды і падчас нашых віншаванняў з размоваю раз-пораз звініць дамашні тэлефон.

Пётр Філімонавіч і Вольга Іванаўна з радасцю прымаюць цёплыя словы і прыемныя падарункі, сарамліва падпарадкоўваюцца гарэзліваму “Горка!”, без якога вяселле (асабліва “брыльянтавае”) не вяселле.

Прыгожую гісторыю знаёмства нам расказвае Вольга Іванаўна… Як Пётр прыехаў у яе родныя Бародзічы са сваёй Робенкі да сястры, як прыйшоў “на вяночкі”, дзе была і Вольга, як выбраў менавіта яе сярод астатніх дзяўчат. Праз тыдзень распісаліся. Цягнуць не было прычыны.

Сямейнае жыццё з самага пачатку было няпростым. На той момант, у 1959-м, і Пётр Філімонавіч, і Вольга Іванаўна засталіся без татаў: першы загінуў на фронце, другога – Івана Шаршуновіча – расстралялі немцы (некага з гэтым прозвішчам яны падазравалі ў сувязі з партызанамі, асабліва разбірацца не сталі і знішчылі ўсіх аднафамільцаў).

Падтрымкі маладой сям’і чакаць не было адкуль, вось і пачыналі з нуля – сваімі сіламі будавалі дом, а дапамагала маладым каханне, якое, калі сапраўднае, разгледзіш і за 7 дзён.

“Нялёгка было, але выжылі”, – успамінае бабуля. Працавалі, большасцю сваёй – у Белавежскай пушчы (Вольга Іванаўна – у гасцініцы, Пётр Філімонавіч – трактарыстам і вадзіцелем)… Абое маюць ганаровыя званні ветэранаў працы і медалі, трымалі вялікую прысядзібную гаспадарку.

Нават сёння, забываючыся пра ўзрост, не сядзяць без работы. “Таму і жывём дружна, што працуем, – адкрывае таямніцу сямейнага шчасця Пётр Філімонавіч, – сварыцца няма калі”.

Вольга Іванаўна, дарэчы, і цяпер самастойна топіць печку. У доме даўно праведзена газавае ацяпленне, але падабаецца бабулі завіхацца, а потым глядзець на жывы агонь…

“Мы і дзяцей з маленства працаваць вучылі, таму яны ў нас такія добрыя выраслі”, – не без гонару зазначаюць юбіляры.

Сын Панасюкоў Юрый – былы пагранічнік, зараз пенсіянер, жыве ў Брэсце, а дачка Раіса – побач, у Камянюках (цяпер, калі выйшла на заслужаны адпачынак, кожны дзень заходзіць да бацькоў).

“Добра, што мама і тата з намі”, – са слязамі шчасця на вачах гаворыць Раіса Пятроўна.

І мы далучаемся да яе пажаданняў ім: пражыць разам яшчэ не адно дзесяцігоддзе.


А ўнукаў і праўнукаў у нашых юбіляраў – па чацвёра. Вялікай, дружнай сям’і, пабудаванай на ўзаемапавазе ды каханні, ёсць чым ганарыцца.

“Дзед у мяне харошы”, – ласкава зазначае Вольга Іванаўна. І ў вачах Пятра Філімонавіча чытаю тое ж замілаванне.

Няхай жа не страчвае яркіх фарбаў сямейны “вяночак” Панасюкоў і ўсё больш “кветачак” становіцца ў ім!

Настасся НАРЭЙКА

Фота аўтара

Комментарии
Комментировать
Районные и городские организации
Брестская область Гродненская область Минская область Витебская область Могилевская область Гомельская область Минск
Организации минской области
Организации Витебской области
Организации Могилевской области
Организации Гомельской области
Портал Президента Республики Беларусь
www.president.gov.by
Информационный ресурс для людей, столкнувшихся с проблемой наркомании
https://pomogut.by/
Белорусский республиканский союз молодежи
http://brsm.by/
Национальный правовой портал Республики Беларусь
www.pravo.by
Палата представителей
www.house.gov.by
Министерство информации Республики Беларусь
www.mininform.gov.by
Белорусское телеграфное агенство
www.belta.by