На цэнтральнай плошчы каля Пружанскага райвыканкама 12 мая было надзвычай шматлюдна. Жыхары горада, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, вучнёўскія калектывы і члены маладзёжных аб’яднанняў сабраліся ў гэты дзень з нагоды святкавання Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Мітынг, прысвечаны адной з галоўных падзей у святочным календары нашай краіны, адкрыў старшыня райвыканкама М.Крэйдзіч. У сваім выступленні Міхаіл Мікалаевіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што 2019 год для рэспублікі надзвычай знамянальны, багаты на юбiлеi: 100 гадоў утварэння БССР, 75 гадоў вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, а таксама 20 год з дня падпісання Саюзнай дамовы паміж Беларуссю і Расіяй.
«Спадзяюся, што новае пакаленне захавае тое пачуццё патрыятызму, якім вызначаюцца вашы старэйшыя сваякі і знаёмыя»,— падкрэсліў у прыватнасцi старшыня.
А ўзняць адзін з галоўных сімвалаў — Дзяржаўны сцяг — у святочны дзень было даручана старшыні раённага падраздзялення Камуністычнай партыі Беларусі С.Лаўрыновічу і члену дзіцячага парламента Яніне Малышкінай.
Па традыцыі, каб гэты дзень застаўся ў памяці падрастаючага пакалення як адна з самых урачыстых падзей іх жыцця, на цэнтральнай плошчы адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця новых членаў у шэрагі грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».
Сёлета гэтага гонару былі ўдастоены вучні СШ №3, якім пасля прынясення піянерскай клятвы гальштукі ў колерах Дзяржаўнага сцяга завязалі ганаровыя госці мерапрыемства.
З віншавальнымі словамі да прысутных на мітынгу таксама звярнуліся старшыня раённай «Белай Русi» Т. Кашкан і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 І. Папко.
А напрыканцы ўрачыстасці адбылася цырымонія ўручэння білетаў новым членам БРСМ, якую правёў старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч.
Асаблівую атмасферу свята ў гэты дзень стваралі самадзейныя артысты Пружаншчыны.
Па матэрыалах газеты «Раённыя буднi»