Па стане на 20 жніўня дубровенскім аграрыям заставалася ўбраць 21,3 % плошчаў. Было намалочана 57745 тон зернавых і зернебабовых.
На перадапошнiм тыдні жнiўня ўзровень намалоту тысячы тон зерня дасягнуў маладзёжны экіпаж камбайна КЗС-10К у складзе Аляксандра Федарцова і Юрый Глушакова з гаспадаркі “Зарубы”.
Іх камбайн менш магутны, чым КЗС-1218, які за секунду намалочвае 12 кілаграмаў зерня. А “дзесятка”, як ласкава называюць механізатары сваю машыну, на два кілаграмы менш. Таму і тысяча, атрыманая на гэтым камбайне, больш важная, як яны лічаць.
Дык вось, з завітаннямі да працаўнікоў прыбылі старшыня раённай “Белай Русі” Святлана Рыжанская і кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Сычоў.
Святлана Рыжанская адзначыла, што ёй вельмі прыемна віншаваць з працоўнымі перамогамі прадстаўнікоў менавіта маладога пакалення, якія разумеюць: “Праца – гэта не пакаранне, а ўзнагарода і сіла, слава і асалода”.
Гэта сапраўды так… Напрыклад, для Аляксандра Федарцова гэтае жніво ўжо дзесятае па ліку, тры з якіх ён працуе з памочнікам, Юрыем Глушаковым. Хлопцы задаволены ўмовамі працы, камбайнам. Аляксандр плануе замацаваць за сабой машыну, каб даглядаць і працаваць на ёй далей.
Задаволены маладымі механізатарамі і Андрэй Сычоў. Ад кіраўніцтва КУСГП “Зарубы” стыршыня ўручыў маладым працаўнікам добрую грашовую прэмію.