Гісторыя нашай блакітнавокай краіны надзвычай багатая. Спакутаваная войнамі, адроджаная руплівымі рукамі працаўнікоў, усхваляваная песнярамі, беларуская зямля, аднак, ніколі не была ў адзіноце. Побач як любімая сястра і добразычлівая суседка крочыла і працягвае ісці поруч Расія, з якой «мужна вякамі мы баранілі родны парог».
Вялікае свята — Дзень еднасці народаў Беларусі і Расіі — штогод адзначаецца 2 красавіка. Менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе лідары дзяржаў падпісалі дагавор «Об образовании Сообщества России и Белоруссии», праз год — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.

У сталічнай школе № 21 імя М.Ф. Гастэлы цеснае супрацоўніцтва з пэўнымі расійскімі рэгіёнамі ладзіцца ўжо даўно. Герой Савецкага Саюза, знакаміты лётчык, імя якога з годнасцю носіць наша ўстанова адукацыі, уражэнец Масквы. Таму пошукавая дзейнасць музея непасэдна звязана з працай музеяў М.Ф. Гастэлы ў Расіі, якія глыбока даследуюць дзяцінства і юнацтва Мікалая Францавіча, маюць унікальныя экспанаты і звесткі. З 2016 года ў межах праекта «Мінск — Перм: давайце сябраваць гарадамі» вучні нашых пачатковых класаў і школы № 60 Пярмі пры падтрымцы дзіцячых бібліятэк № 8 ладзяць шэраг мерапрыемстваў: ад актуальных тэлемастоў і анлайн-сустрэч са знакамітымі пісьменнікамі да асабістых зносін праз сацыяльныя сеткі і паштовак з лістамі. Вось і вясновыя канікулы не сталі выключэннем, тым больш што агульнае свята заўсёды збліжае і натхняе на далейшыя сумесныя перамогі. А нагод назбіралася дастаткова: і Дзень еднасці двух народаў, які набывае асаблівае значэнне ў Год народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь, і Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, які не застаўся па-за ўвагай юных чытачоў, і адпачынак з карысцю.

Педагогі нашай установы адукацыі, актывісты РГА «Белая Русь», штогод удзельнічаюць у Міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, іх матэрыялы друкуюцца ў зборніках форумаў, якія праводзяцца ў Маскве, Смаленску, Бранску, Навазыбкаве. Першыя крокі робяць і даследчыкі-пачаткоўцы на вучнёўскіх і студэнцкіх канферэнцыях.
У школьнай бібліятэцы 2 сакавіка прайшла выстава-дыялог «Беларусь і Расія — насустрач адзін аднаму». Узгадвалі сумесныя конкурсы і праекты, дзяліліся ўражаннямі ад мінулых экскурсій, гаварылі пра блізкія і адметныя традыцыі і звычаі. Выхаванцы школьнага летніка прынялі ўдзел у InstaАкцыі #КаникулыВЦентральном, дзе прадэманстравалі ўласнае дачыненне да свята.
— У чым сіла, брат? — пытаўся герой знакамітага фільма. Адказ глыбокі — у праўдзе. У адносінах да нашай тэмы — у той адзінай праўдзе, якая гартавалася стагоддзямі на беларуска-расійскай ніве, закалялася ў акопах і партызанскіх зямлянках, якая нараджае дабро, сузірае прыгожае, прапаведуе братэрскую любоў і ні ў якім выпадку не нішчыць.


Галіна Мікалаеўна Гузоўская,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА «Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска»,
член Савета Цэнтральнай раённай г. Мінска арганізацыі РГА «Белая Русь»