Пустыя бутэлькі, пластыкавыя пакеты, каністры і нават разламаны пыласос – толькі некаторыя прыклады з велізарнай колькасці смецця, сабранага ўздоўж берагоў канала Бона і берага ракі Мухавец. Акцыя “Смецця больш няма!” пад эгідай Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” прайшла на Кобрыншчыне.
- Усім нам хочаца бачыць наш родны горад прыгожым і чыстым, аднак мала хто задумваецца, што далёка не заўсёды для таго, каб навесці парадак, патрэбныя вялікія сродкі, - адзначыў старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік. – І той факт, што гэтая добрая і карысная справа сёння аб’яднала кабрынчан самага рознага ўзросту, найлепшым чынам гаворыць аб тым, што на нашай Кобрыншчыне жывуць неабыякавыя людзі і сапраўдныя гаспадары.
На заклік навесці парадак на сваёй зямлі прыйшлі прадстаўнікі райвыканкама, Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадпрыемстваў, арганізацый, педагогі і навучэнская моладзь Кобрыншчыны. Больш за 50 пар працавітых рук назбіралі 40 вялізных пакункащ з разнастайным смеццем, якія былі вывезены сіламі КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”. І гэта – толькі на адным адносна невялікім участку. Вельмі хацелася б, каб акцыя стала сапраўднай традыцыяй і добрым прыкладам чарговай выдатнай ініцыятывы на карысць нашай “малой радзімы”. Унесці свой уклад у навядзенне парадку на зямлі можа кожны – трэба толькі не праходзіць міма відавочных праблем і не шкадаваць сіл для іх вырашэння.
Дзмітрый БЯЛОЎ, прэс-сакратар Кобрынскай РА РГА «Белая Русь»