Сёння камунікацыя адыгрывае вялікую ролю ў жыцці грамадства, у фарміраванні яго светапогляду. Праз музейную камунікацыю (а гэта не толькі працэс узаемадзеяння, які адбываецца ў музейнай прасторы, але і ўся сукупнасць адносін, што нараджаюцца ў працэсе развіцця музейнасці і ўключаюць разнастайныя аспекты культурнай камунікацыі) існуе магчымасць выхоўваць вучнёўскую моладзь, адказную не толькі за асабісты лёс, але і за будучыню сваёй краіны, не абстрактна, а на канкрэтных прыкладах.
Стварэнне ўмоў для фарміравання нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў праз вывучэнне і захаванне гістарычнай спадчыны стала асноўнай мэтай дзейнасці школьнага музея М.Ф. Гастэлы і этнаграфічнага кутка ў 21-й сталічнай школе. Дзякуючы развіццю музейнай камунікацыі, як у традыцыйным, так і адметна новых накірунках, удасканальваецца навукова-даследчая і выхаваўчая дзейнасць ва ўстанове адукацыі. Якім чынам?

Традыцыйныя сустрэчы ў нашым музеі з ветэранамі, вязнямі Вялікай Айчыннай вайны, жывымі сведкамі даюць магчымасць пастаянна папаўняць фонд кнігамі, «жывымі галасамі», фотаздымкамі, газетнымі артыкуламі. Супрацоўніцтва з іншымі сацыякультурнымі ўстановамі дае магчымасць падзяліцца ўласным вопытам работы і прымяніць набытыя веды на практыцы. Так, у мінулым навучальным годзе школа была ўключана ў сумесны праект з Беларускім дзяржаўным Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Мы — помним, мы — гордимся!». Акрамя наведвання экспазіцый, музейных урокаў, навучэнцы прысутнічалі на адкрыцці выставы, прысвечанай В.Быкаву, а некаторыя ўдзельнічалі ў зборы фактычнага матэрыялу для экспазіцыі, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам.
Фестываль беларускага стала, тэатралізацыя народных святаў «Гуканне вясны», «Ой там, вярба», «Каляды», «Багач» і іншыя не менш значныя і цікавыя святы даюць магчымасць паглыбіцца ў мінулае сваёй краіны, даведацца аб тых цудоўных традыцыях і звычаях нашых продкаў, якія, на шчасце, сёння мы адраджаем пакуль у межах школы. Вялікую падтрымку ў гэтым несумненна аказвае Цэнтральная раённая арганізацыя г. Мінска РГА «Белая Русь» і яе старшыня Наталля Уладзіміраўна Воранава. Супрацоўніцва школьнага музея з раённай «Белай Руссю» пачалося яшчэ з сумеснай арганізацыі конкурс творчых работ «Паставілі шмат год назад вайне мы кропку агнявую...».
Экспанаты этнаграфічнага кутка актыўна выкарыстоўваюцца настаўнікамі пры правядзенні ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі. Ствараюцца часовыя экспазіцыі «Прадметы народнага побыту ў паэме Я.Коласа «Новая зямля», «І тчэ, забыўшыся, рука» пры вывучэнні творчасці М. Багдановіча, «Прылады працы», «Посуд» пры вывучэнні твора З. Бядулі «Бондар і інш. Дарэчы, экспанаты, прадстаўленыя ў этнаграфічным кутку, сабраны з розных рэгіёнаў краіны намаганнямі настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў, а экскурсіі праводзяцца на беларускай мове падрыхтаванымі вучнямі-экскурсаводамі. Асаблівасцю этнаграфічнага кутка з’яўляецца тое, што ўсе рэчы тут можна патрымаць у руках, разгледзіць з розных бакоў, некаторыя — прымераць.

Распрацоўка новых формаў прыцягнення ўвагі навучэнцаў да ўдзелу ў рабоце школьнага музея і этнаграфічнага кутка — неабходная ўмова для пастаяннай дынамічнай работы музея. Творчы чэлендж «Музей для дзяцей рукамі дзяцей», конкурс на лепшую эмблему музея, распрацоўка макетаў сувенірнай прадукцыі музея, віртуальныя экскурсіі па школьным музеі і этнаграфічным кутку, квесты з выкарыстаннем экспанатаў, пасты ў сацыяльных сетках з тэматычнымі хештэгамі — магчымасці пазакласных мерапрыемстваў бязмежныя.
Важным для работы школьнага музея з’яўляецца ўстанаўленне сувязей з аднайменнымі сацыякультурнымі ўстановамі краіны, бліжняга замежжа. Так, наша школа супрацоўнічае з музеем М.Ф. Гастэлы ў г.п. Радашковічы, таксама наладжваецца сувязь з музеем М.Ф. Гастэлы ў Мураме.
Школьныя музеі, этнаграфічныя куткі валодаюць неабмежаваным выхаваўчым уплывам на падрастаючае пакаленне, паколькі, вывучаючы памылкі мінулага, мы ўзбагачаемся вопытам — галоўнай зброяй у барацьбе за квітнеючую будучыню сінявокай Радзімы, за яе адзінства і незалежнасць.

Стральчук Галіна Мікалаеўна,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА «Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска»



