13 сакавіка ў Кобрынскім Палацы культуры пры падтрымцы Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” прайшоў раённы конкурс “Шматдзетная сям’я года” , у якім прынялі ўдзел сем’і Якаўлевых, Брыштэн, Барысюк і Леванюк.
На адным дыханні прайшлі ўсе тры этапы конкурснай праграмы. Лёгкае хваляванне, калі і прысутнічала сярод сем’яў- удзельнікаў, адразу адыходзіла на другі план, як толькі з залы пачыналі даносіцца апладысменты. Шмат пра што расказаў гасцям і членам журы конкурс візітак: як зараджалася каханне і стваралася сям’я, у чым знаходзіць натхненне маці, якія хатнія абавязкі замацаваны ў сям’і за бацькам, чым захапляюцца дзеці. Не меншы інтарэс выклікаў і творчы конкурс, у якім сем’і паказалі свае артыстычныя, музычныя здольнасці, уменне дэкламаваць вершы. Заключнай часткай конкурснай праграмы стала выкананне заданняў на спрытнасць і кемлівасць, з якімі ўсе сем’і таксама справіліся на выдатна.
Першае месца было прысуджана сям’і Якаўлевых, якая пакарыла ўсіх сваёй шчырасцю, адкрытасцю і непасрэднасцю. Другую прыступку аддалі сям’і Брыштэн, якая, дарэчы, другі год запар прымае ўдзел у конкурсе, дыплом трэцяй ступені ў сям’і Барысюк.
Віншуючы сем’і з узнагародамі, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, галоўны рэдактар раённай газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік заўважыў, што усіх, хто ў гэты дзень падняўся на сцэну Палаца культуры, можна назваць пераможцамі: іх перамога ў сямейнай еднасці, а гэта і ёсць найвялікшае шчасце. Раман Васільевіч пад гучныя апладысменты глядачнай залы ўручыў усім удзельнікам каштоўныя падарункі ад “Белай Русі”, пажадаў сем’ям моцнага здароўя, дабрабыту і росквіту.
Пераможцы і удзельнікі таксама атрымалі прызы ад шматлікіх спонсараў, сярод якіх СТАА “ВП Палессе”, Кобрынская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, прафсаюзныя аб’яднанні прадпрыемстваў і арганізацый Кобрына.
Алена БАКУН,
Паўнамоцны прадстаўнік прэс-службы Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”.