Калі вучні могуць пасядзець за адной партай з настаўнікамі? Толькі пры вырашэнні важных пытанняў, якія датычацца моладзевай палітыкі краіны ў бліжэйшую пяцігодку.
Старшыня раённай «Белай Русі», Дэлегат VI УНС Наталля Воранава і другі сакратар БРСМ Цэнтральнага раёна Мінска Максім Ярцоў правялі з актывістамі 10-11 класаў і працоўнай моладдзю 21-й сталічнай школы «Адкрыты дыялог». Падчас рэалізацыі праекта Школа актыўнага грамадзяніна па тэме «У адзінстве народа — сіла незалежнай дзяржавы» 25 лютага былі акрэслены асноўныя накірункі развіцця краіны, якія несумненна будуць грунтавацца на адзінстве, развіцці і незалежнасці беларускага народа.
Уздымаліся пытанні пра прэстыж рабочых прафесій, магчымасць рэалізаваць сябе ў розных прафесійных сферах, будаўніцтва жылля і падтрымкі маладых спецыялістаў, таленавітай моладзі.
Наталля Уладзіміраўна, як дэлегат Усебеларускага народнага сходу падзялілася асабістымі ўражаннямі пра «народнае веча», дзе пачула не толькі адказы на хвалюючыя пытанні, але і паставіла для сябе пэўныя задачы. Першая з іх — непасрэдны ўдзел у выхаванні маладога пакалення, супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі, працоўнымі калектывамі, каб сумеснымі намаганнямі ісці наперад у нашым развіцці і росквіце.





