Звычайна у выхадны дзень бабулі на сняданак частуюць унукаў духмянымі аладкамі і кісялём, блінцамі і ўзварамі, запяканкай і кампотамі, далучаюць моладзь да нацыянальнай кухні — смачнай і натуральнай. А яшчэ бабулі ўмеюць з захапленнем нарыхтаваць прысмакі на ўвесь клас, спяшаючыся на кулінарнае свята разам з улюбёнымі ўнукамі ў шосты школьны дзень…
У суботу ў сталiчнай школе № 21 прайшоў агульнашкольны фестываль беларускай нацыянальнай кухні “Смачна есці!”, прысвечаны Году малой Радзімы. У імпрэзе прынялі ўдзел вучні 1-4 класаў, бацькі, бабулі і дзядулі, класныя кіраўнікі пачатковых класаў, члены РГА “Белая Русь”, захавальнікі нацыянальнай культуры Н.М. Васілеўская, І.М. Глінская, І.В. Велічкевіч, М.М. Клімянкова, Т.Ю. Калыхан, Т.І. Лагуноўская, адміністрацыя школы. Асноўная мэта такога свята – выхаванне павагі і любові да традыцый і звычаяў нашых продкаў, да гісторыі стварэння нацыянальных страў, прадстаўленне рацэптаў сваёй сям’і, прыгатаванне спрадвечна беларускіх страў.
Прыемна адзначыць, што атмасфернасць і нацыянальны каларыт мерапрыемства стваралі саматканыя ручнікі, вышываныя абрусы, прадметы хатняга побыту нашых продкаў, што былі прывезены ў школу вучнямі і іх бацькамі. Школьны этнаграфічны куток прадаставіў плеценыя з саломы цукерніцы і вазы. Не абыйшлося без апетытнай фотазоны, якую ўпрыгожылі звязкі цыбулі і часнаку, сушаныя перцы і грыбы. Для жадаючых сфатаграфавацца прапаноўвалі нацыянальны касцюм ці яго дэталі, напрыклад, сарочку, вянок, пояс.
Веданне фальклору — адзін з паказчыкаў культуры грамадзяніна, нераўнадушнага да родных вытокаў. Пачалося свята з ушанавання каравая як галоўнай стравы, што здаўна займае пачэснае месца на беларускім стале: з ім ішлі ў сваты, на вяселле, сустракалі дарагіх гасцей. Песняй “Галасы Зямлі” павітала гасцей удзельніца Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, шматдзетная матуля Наталля Віктараўна Базарэвіч, чацвёра дзяцей якой – вучні нашай школы. Урыўкі з рамана ў вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці” прагучалі ў выкананні вучняў 3 “А” класа. Класны кіраўнік Таццяна Юр’еўна Калыхан адзначыла, што ў беларускай літаратуры шмат твораў-прысвячэнняў нацыянальным стравам, але вучням прыйшоўся даспадобы раман у вершах, дзе апісваюцца не зусім ўласцівыя сучаснаму сталу стравы: вантрабянка, крывянка, каўтух, верашчака. Гэта жаданне больш даведацца пра культуру харчавання нашых продкаў.
Вучні праходзілі розныя станцыі згодна з атрыманым маршрутам: інтэлектуальныя станцыі “Загадкі з бабулінага куфэрку”, “Знаўцы нацыянальных страў”, танцавальны прыпынак “Запрашаем у карагод”, працоўны дэсант “Народная майстэрня лялек”, гасцінная “Карчма”. Кожны вучань пад кіраўніцтвам умеліцы, класнага кіраўніка 2 “А” класа І.В. Велічкевіч зрабіў сваімі рукамі ляльку-абярэг для хатняга абедзеннага стала. Толькі пасля дэманстрацыі ведаў, танцавальных уменняў, вынаходніцтва і крэатыву ўсіх запрасілі на дэгустацыю ў карчму. Аладкі, дранікі, бабкі, калдуны, марынаваная агародніна, бабка, бліны, узвар – такі апетытны фінал чакаў удзельнікаў фестывалю.
Мерапрыемствы такога характару, пазнавальныя, пазітыўныя, маштабныя, дазваляюць выхоўваць маленькіх беларусаў сапраўднымі патрыётамі. Актыўны ўдзел бацькоў і настаўнікаў у такім свяце, трывалы саюз школы і сям’і ў агульнай карыснай справе — прыклад павагі да традыцый продкаў, да нацыянальнай культуры, без ведання якой наўрад ці можна гаварыць пра нашу квітнеючую будучыню.
Галіна Стральчук,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”